Каб быў настрой прыўзняты
НАСТРОЙ . 1. Пра добры, радасны настрой: бадзёры , баявы , бесклапотны , бестурботны , бойкі , бравы , бэзавы ( аўт. ) , вальготны , высокі , вясенні , вясёлкавы ( аўт. ) , вясновы , гарэзлівы , гасцінны , гаючы , гулкі , гуллівы , дзівосны , дзіўны , добры , жыццярадасны , задаволены , зямны , лагодны , ласкавы , летуценны , лёгкі , лірычны , мажорны , малітоўны , музычны ( аўт. ) , натхнёны , незразумелы , паэтычны , працавіты , прыгожы , прыўзняты , радасна-ўрачысты , радасны , рамантычны , расчулены , роўны , светла-ўрачысты , светлы , святочны , святы , спакойны , стрыманы , уздымны ( аўт. ) , узнёслы , урачысты , хвалююча-млявы ( аўт. ) , ціхамірны , ціхі , цудадзейны , цудоўны , цымбальны ( аўт. ) , шчаслівы .
Па першым марозіку дзяўчына бегла з нейкім узнёслым і бадзёрым настроем (“Маладосць”). Грамадою валодаў бойкі , уздымны настрой (Ц.Гартны). Ніна ішла лёгка, з нейкім радасным , бестурботным настроем (І.Мележ). Дзякую за бэзавы настрой, Дарагія хлопцы і дзяўчаты! (Н.Мацяш). І, як сонца, высокі настрой. Як сонцава цяплынь, абымае сэрца радасць бязмежная (М.Лынькоў). Тады Карызна — ужо зусім з лёгкім вальготным настроем — стаў апавядаць пра свецкія падзеі (М.Зарэцкі). Вясёлкавы настрой у душах калгаснікаў акрыляў, сеяў надзеі. (П.Пестрак). Настрой вясновы , ласкавы бадзёрыў. (Р.Мурашка). . Гарэзлівы настрой змяніўся задумлівасцю, засяроджанасцю (Г.Бураўкін). Мяне ўсяго напаўняла радасцю, дзіўным , цудадзейным , гаючым настроем (Б.Сачанка). На Максіма сыходзіў незразумелы , дзіўны настрой, падкрадваўся смутак (М.Стральцоў). Уставіць слова і жонка, калі гаспадар у добрым , гасцінным настроі (А.Кулакоўскі). Я, каб не перашкаджаць ягонаму [Коласаваму] задаволенаму настрою, не абзываўся. (П.Броўка). Усмешку гор бяру У свой зямны настрой (А.Пысін). Ды тут, як кажуць, жыццё ўнесла папраўку ў наш паэтычны , амаль малітоўны настрой. Пачулася тахканне матора, а потым глухія падводныя выбухі. (Я.Брыль). Лапаткі ажно ўздрыгваюць ад зябкасці, а зубы вось-вось увойдуць у зусім музычны , у цымбальны . настрой (Я.Брыль). Ёй [Васіліне] падабаліся і гэтая мітусня, і гэтыя людзі з працавітым настроем (Т.Хадкевіч). Уначы ішоў дождж. Аднак гэта не псавала агульнага радаснага , святочнага настрою (І.Шамякін). У яго [мастака] жыцці была вясна светлага настрою і прадчування цікавай работы (В.Карамазаў). Быў настрой ва ўсіх. радасна-ўрачысты (Н.Гілевіч). Зялёная трава, зялёныя дрэвы, блакітнае неба, сонца — усё гэта стварала светла-ўрачысты настрой (Я.Сіпакоў). Усе былі ахоплены нейкім святым настроем. (К.Чорны). Вярталася Волька ад суседзяў лагодная, у нязвыклым для Казіку ціхамірным настроі (М.Стральцоў). Салдаты пасмейваліся. У кожнага быў хвалююча-млявы настрой ад вясны, ад блізкага канца вайны (В.Хомчанка).
2. Пра сумны, цяжкі настрой: абыякавы , асенні , бязрадасны , восеньскі , вялы , гнятлівы , жахлівы , жудасны , журботны , заклапочаны , злосны , змрочны , кіслы , ледзяны , маркотны , марозны , меланхалічны , мемуарны , невясёлы , нудлівы , нудны , панылы , пахмурны , прыбіты , прыгнечаны , роспачны , самотны , спадманлівы , спадманны , сумна-прыгожы (аўт.), сумотны (разм.), трывожна-насцярожаны , трывожны , тужлівы , цяжкі , чорны .
Не параднюся я восеньскім настроем (П.Панчанка). У строгай маўклівасці хвоі стаяць Над дарогай пустой І нібы ў журботным настроі Аб долі смуткуюць людской (Я.Колас). Яшчэ ніводнай веснавой прыкметы, У дрэў і птушак ледзяны настрой (П.Панчанка). У маркотным настроі хлопчык варочаўся назад: на сэрцы было горка, слёзы самі каціліся па твары (М.Лынькоў). Марознаму настрою рад, На даланях сняжынкі важу (Р.Барадулін). . Надышоў мемуарны настрой (П.Панчанка). Увесь панылы настрой [Лабановіча]. развеяўся. (Я.Колас). Усюды заўважалі мы пахмурны настрой людзей (М.Лынькоў). У Петрушах настрой — прыбіты , Гудзе, хоць глуха, грамада. (Я.Колас). У гэткім роспачным настроі Яна [Альжбета] ішла прасіць яго, Каб ён пакінуў у спакоі Мар’яну. (Н.Гілевіч). [Андрэй] быў у нейкім самотным настроі (У.Краўчанка). На хісткай цішыні Спадманнага настрою Ты ў глыб агню зірні У прыцемак спакою (Я.Янішчыц). І пакой навеяў Любе ціхі, сумна-прыгожы настрой (Р.Мурашка). Ласкавая з раніцы лясная палянка, атуленая соснамі і бярозамі, к вечару нават крыху палохала сваёй самотнасцю і трывожна-насцярожаным настроем. (І.Навуменка). Апанаваная чорным настроем, Зося ўзялася за лямцавую вопратку свайго мужа (К.Чорны).
Источник
Каб быў настрой прыўзняты
- ЖАНРЫ 360
- АВТОРЫ 277 628
- КНИГИ 655 162
- СЕРИИ 25 076
- ПОЛЬЗОВАТЕЛИ 612 053
…Калі выйсці за вёску і збочыць з пыльнай дарогі ўправа, па сцяжынцы, якую пратапталі рыбакі, прайсці з паўкіламетра полем, між радкамі калгасных буракоў, патрапіш на старую канаву. Вада ў ёй бывае тут толькі вясной і надта дажджлівым летам. Берагі канавы сталі пакатымі, зараслі месцамі густым вербалозам, па які стары, няспешлівы дзед Васіль прыходзіць кожную вясну – нарыхтаваць “матэрыялу” на новыя кошыкі.
Дзед носіць пруткі вербалозу роўнымі снапкамі мо цэлы тыдзень, а потым надвячоркам у сваім двары пляце кошыкі. Кошыкі ў дзеда Васіля атрымліваюцца лёгкія, зручныя. Пляце вялікія, як мужчыне падняць, калі поўныя бульбы, і сярэднія – якраз для жанчын і бабуль. І зусім невялічкія –на розныя там патрэбы. Бяруць кошыкі ў дзеда ахвотна. Плату за іх ён вызначыў даўно: прынясеш восенню столькі бульбы, колькі ў той кошык умесціцца. З гэтым усе згаджаюцца, і як пачынаецца копка бульбы, у двары дзеда Васіля хутка вырастае ладная куча – нясуць бульбу, насыпаную з верхам.
Дык вось, па гэтай самай канаве трэба ісці ўніз, да чарнеючага наперадзе алешніка. Хутка ў канаве з’явіцца вада, спачатку невялікімі праплешынамі, а потым і цячэнне ручая пахіліць траву ў адзін бок.
Пачнецца змрочны алешнік. Тут толькі адной сцяжынкай і прайсці, бо падлесак густы, поўны рознага ламачча. Вольхі растуць па тры-чатыры дрэвы з аднаго кораня, які стаіць бы на злепленым некім спецыяльна стромкім стажку збітай чорнай зямлі. Пад нагамі хутка пачынае чвякаць, а яшчэ далей ногі ўжо грузнуць у чорнай кашы. Цяпер ісці трэба па кладках. Кладкі – гэта ссечаныя вольхі, якія валілі так, каб вяршынямі яны падалі да суседняга чорнага стажка з кучай дрэў. Не дужа зручна, асабліва, калі не захапіў з сабой шасток, але ісці так вось, па ствалах (дзе ўжо і спарахнелых), усяго хвілін пятнаццаць. Выходзіш – і першы востраў. Так завуць гэты велікаваты ўзгорак, парослы вясёлымі бярозкамі. Ёсць у вострава і асабістае імя – Заікін. Чаму Заікін – невядома. І справа, і злева востраў абкружаны тым жа тужлівым сырым алешнікам.
А спераду – Ведзьміна тоня. Чорнае люстэрка свабоднай вады, на выгляд неверагодна халоднай нават у спякотны дзень. Калі залезці на якую алешыну, дык зверху Ведзьміна тоня выглядае раўнюткім кругам, а вада ў ёй – яшчэ чарней. Вядома ж, торф на дне. Хоць што там, на дне – ніхто не ведае, бо купацца тут не будзеш: адсюль, з вострава, бераг злёгку абрывісты, скочыш – вада па калені, але потым пачынае імкліва засмоктваць ногі. Пяць хвілін прастаіш – і ўжо па пояс схаваешся. Не хопішся за што – не вылезеш. Некалі прыезджыя гарадскія спрабавалі з лодкі ставіць на Ведзьмінай тоні сеткі. То раніцай не змаглі ні адну выцягнуць – гэтулькі карчагаў на дне. А яшчэ раней, расказваюць, невядомы рыбак на маленькай гумавай лодцы плаваў па тоні некалькі дзён – ад вострава да вострава. Ні з кім не размаўляў, твар ад людзей хаваў. Адкуль ён і хто – не ведалі. Некалькі дзён бясшумна яго лодка слізгала па чорнай вадзе. А аднойчы ён не паказаўся. Толькі лодку гумавую, пустую, без вёслаў прыбіла бліжэй к зіме да Заікінага вострава. А сам рыбак згінуў. Вось з той пары ён часам паказваецца тым рыбакам, што на лодках спрабуюць па тоні плаваць. Просіцца ў лодку – моўчкі з вады цягне рукі…
Дзед Васіль, які сам любіў некалі прыйсці сюды з вудай, расказвае, што стаяў тут раней лес, а сярод гэтага лесу быў хутар. Жыла ў ім жанчына, вядзьмарка. І гэтак яна многа шкоды нарабіла людзям, што Бог не стрываў, і ў адну ноч праваліўся гэты кавалак лесу пад зямлю. Вось верхавіны дрэў з-пад вады і чапляюцца за сеткі ды за плаўцоў. А сама вядзьмарка і цяпер уладарыць у Ведзьмінай тоні і вакол яе, хаваецца на астравах. Дзеду можна верыць – ён ніколі не схлусіў. Адно зразумела добра: у гэтай тоні толькі ведзьмакам і цягаць нерат.
Астравоў, кшталту Заікінага, вакол Ведзьмінай тоні многа – ажно пяць, але не да кожнага дойдзеш. Кладкі ёсць, ды, ужо даўно пакладзеныя, яны схаваліся ў тарфяной кашы, і трэба дакладна ведаць сцяжынку. Бліжні востраў адсюль – Заечы. Ён невялікі, затое там ёсць будан, і месца зацішнае – малады ельнік калючым шчыльным плотам дзеліць востраў папалам. На Заячым востраве і ловіцца добра. Зрэшты, заўсёды здаецца, што ловіцца добра там, куды дайсці цяжэй. Вось насупраць Заікінага вострава праз Ведзьміну тоню па белі бярозавых ствалоў угадваецца Савіны востраў. Тут назва зразумелая: востраў вялікі, многа там старых дуплаватых дрэў. І соў хапае. Надыдзе ноч – як разляцяцца па ўсіх астравах, як пачнуць гугукаць ды галасіць у цемры, страх валасы дыбам ставіць.
Ноччу на Ведзьмінай тоні і без соў страшна. То так плясне нешта па вадзе – нізашто не падумаеш, што рыбіна. А то ў чароце пачне нешта валтузіцца, шамацець. Расказвалі, што, бывае, ходзіць нехта грузна апоўначы вакол вострава, напрасткі, не па кладках: плясь, плясь. І дыхае, уздыхае так цяжка. Калі і ад гэтага адмахнешся, то роспачны дзіцячы крык, поўны перадсмяротнай жудасці, прымусіць здрыгануцца. Пасля гэтага крыку, калі месячык зыркі, глядзі на тоню: убачыш лес на дне яе, верхавіны сосен, сядзібу і хатку. А сама вядзьмарка знак з Савінага вострава падасць – там пачнуць успыхваць блакітныя агні.
Таму вось жадаючых заначаваць на якім востраве ды закінуць вуду на самым золку нешта зусім не багата. Лепш крыху пазней прыйсці, чым сядзець на тым востраве ноччу і ўгаворваць сябе, што то ўсё ж карась па вадзе пляснуў, а ў чароце качка ладкуецца, што міма вострава прайшоў лось, а роспачна крычаў малады заяц, якога схапіла сава. Агні. Вось з агнямі складаней. Як дойдзеш да іх, казалі, знікаюць яны. Спачатку нібыта ўцякаюць ад цябе, бягуць, бягуць да вады і быццам скачуць у Ведзьміну тоню. Што за агні – ніхто не тлумачыць. Таму ўсё адно на любым з астравоў вакол Ведзьмінай тоні ноччу вусцішна.
Вёска сустрэла Сяргея хуткім “прыехаў” і ўзрушаным шэптам бабулек каля прыпынку аўтобуса:
– Дзівісь, дзівісь, то ж Зойчын прыехаў! А яна на полі сёння.
– Гэта калі шчэ не напілася. Бачыла я…
– А бо. Выцягнуўся як. Гэ, вочы зіркаюць зладзеяватыя.
– От, мала ліха ў вёсцы.
– Гэта на ўсё лета! А хада, дзівіся, якая! Ну, бандыт бандытам.
– Дзетдом добраму не навучыць. Тама ўсе такія. Во мая Галя расказвала.
Сяргей не чуў ужо, што там расказвала нейкая Галя гэтай старой. Ён толькі ў думках плюнуў, закінуў свой невялікі рукзак за адно плячо, пайшоў.
Калі табе чатырнаццаць і калі з гэтых чатырнаццаці палову – сем год – праводзіш у школе-інтэрнаце 10 месяцаў у годзе, ты навучышся не зважаць на едкія слоўцы. Ты, увогуле, многаму навучышся.
Навучышся хаваць крыўду і слёзы. Навучышся цярпець боль, пераносіць голад, не баяцца холаду.
Навучышся біцца – так, каб не абавязкова перамагчы, а толькі ўратаваць сябе ці сябра.
Навучышся ўцякаць, хавацца, маўчаць.
Многаму навучышся. Толькі шчыра смяяцца, смяяцца не з некага, смяяцца не злосна, а проста таму, што смешна, школа-інтэрнат не вучыць.
Сяргей добра засвойваў усе навукі, якія даваў яму гэты адасоблены свет няшчасных аднолькава, ды злых па-рознаму дзяцей-сіротаў.
Ён сам і яшчэ колькі яго аднагодкаў стаялі вышэй над іншымі – у іх было куды ехаць на лета. Сяргей не круглы сірата, у яго ёсць маці. Няхай і п’яніца. Але ёсць. Ёсць яшчэ дом. Хай і не прыбраны, хай няўтульны, затое – свой. Ёсць вялікі двор, ёсць агарод і садок з трыма старымі яблынямі і вішнямі.
А на бабулек ён не крыўдуе. Яно і праўда – у мінулыя гады Сяргей лазіў па чужых агародах, бы па сваім. А што? Гэтыя вясковыя ўсё маюць круглы год, чаму ён, Сяргей, павінен глытаць сліну, гледзячы на нічыю градку з клубніцамі? Хіба ён у чым вінаваты, што так і не ўбачыў свайго бацьку, што з першым яго крыкам на гэтым свеце пранёсся над вёскай і апошні крык бацькі, пад якім абламалася металічная прыступка воданапорнай вежы? Бацька застаўся б жывы, не надта высокая тая вежа, ды ляжалі ўнізе металічныя трубы, на якія і збіраліся мяняць старыя ў вежы… І хіба Сяргей вінаваты, што маці яго стала піць, як толькі ён пачаў хадзіць? Што вымушана была аддаць яго ў інтэрнат, бо за першы год у школе Сяргей так і не змог запомніць ні адной літары? Ён і размаўляў яшчэ слаба. Ды і навошта яму былі тыя літары, калі ўвесь час, пакуль ён не спаў, яго мучыла адно пачуццё – голад. Яно было заўсёды, мо з самага першага дня яго жыцця, яно не знікала ніколі, яно толькі спала разам з Сяргеем і прачыналася разам з ім. Паступова Сяргей стаў абманваць свой голад – ён засынаў. З цягам часу сон стаў рэфлекторным.
Источник
Каб быў настрой прыўзняты
І ў той жа момант Сяргей адчуў, што чакаў іх: не проста каб пабачыць, а каб падзяліцца такой прыемнай навіной: прымак затрыманы і хутчэй за ўсё будзе асуджаны, ёсць рашэнне, што можна зрабіць з маці, у яго з’явіўся яшчэ адзін добры знаёмы – участковы міліцыянер…
Яно і праўда: колькі разоў радасцю не падзелішся, а яе не меншае, а ў столькі разоў большае.
Пілі чай з пячэннем, якое напякла сама Жэнька. Настрой быў прыўзняты, гадалі, колькі часу зойме ў іх перацягнуць усё неабходнае на Заікін востраў і сабраць плыт, колькі часу патрацяць на зборку плыта…
Пабачылі, што ў свой сад выйшаў дзед Васіль. Усе разам пайшлі да яго.
Толькі паспелі павітацца, як пачулі: да хаты дзеда Васіля прыехаў аўтамабіль. Ляпнулі дзверцы, рыпнулі веснічкі, і звонкі жаночы голас крыкліва запытаў:
– Гэй, ёсць хто дома? Васіль Яўменавіч Карота тут жыве?
Каб жа ведалі, чым можа закончыцца для іх гэты візіт жанчыны, мабыць, усе разам выскачылі б на надворак і закрычалі, што дзеда Васіля тут няма, ён тут увогуле не жыў, і вёска гэта не тая, і ўвогуле жанчына заблукала. Але ж так добра пачалося ранне! Калі візіт міліцыі прынёс гэтулькі настрою, няўжо інтэлігентнага выгляду жанчына ў спартыўных штанах і кароткай майцы, маладжавая, рухавая, магла прынесці ім непрыемнасці?
То і некалькі галасоў на запытальны вокліч са двара адказалі:
– Мы тут усе! У садзе Васіль Яўменавіч!
Жанчына зайшла – не, уварвалася ў сад, бо разам з яе з’яўленнем быццам сам час некуды заспяшаўся – такая яна была хуткая, імпульсіўная, энергічная.
– Дзень добры, дзень добры, – зашчабятала яна, паціснула руку дзеду Васілю і ўжо стаяла каля Жэнькі. – Так, а ты Яўгенія Лошчык, добра, будзеш маёй правай рукой, – ледзь паспела дагаварыць, а ўжо ціснула руку Віцьку, потым ля Віталя прытрымалася, паспела перад Нэлай прысесці і паспрабавала пагладзіць малую па галаве, але Нэла ўмомант нырнула за Сяргея.
Нічога яшчэ нікому не тлумачачы, не пытаючыся, яна павярнулася ў бок двара, закрычала:
– Дзе вы там? Паснулі? Усе сюды! Выгружайце!
У імгненне яна стала распараджацца ў садзе, і гэта – вось дзіўна – не было падобным на нахабства. Яна, здавалася, была гаспадыняй тут, быццам вось пабыла колькі часу недзе ды вярнулася.
У садок заходзілі рослыя хлопцы і дзяўчаты – відаць, дзесяцікласнікі. Адзін, два, тры… – сем чалавек. У кожнага – вялікі новенькі рукзак, усе апрануты ў аднолькавыя спартыўныя касцюмы, а на грудзях нашытая невялікая эмблема: кружок з вяззю літар, якія і не прачытаеш адразу.
– Так, рукзакі складвайце вось туды, пад той яблыняй, каб было бліжэй да лужка, там мы разаб’ём лагер, – камандавала жанчына. – Нам жа можна там пакласці свае рэчы? – мімаходзь спытала дзеда Васіля, і адказу не чакала, зноў крутнулася да свайго атрада. – Таня! Антон! Пакідалі рэчы, з дыктафонам і фотаапаратам сюды. Астатнія ставяць палаткі! – Зноў яна павярнулася да дзеда Васіля. – Ну проста выдатнае месца тут у вас, у садку, каб палаткі ставіць… Вы ж дазваляеце? Ой, здаецца, што яшчэ трэба для лепшага жыцця: вось такі сад, свежае паветра, прачнуцца на досвітку, дыхаць на ўсе грудзі… Э, Васіль Яўменавіч, зараз мы будзем вас фатаграфаваць… Так, не трэба пакуль пераапранацца, з узнагародамі мы потым вас сфатаграфуем… Возьмем інтэрв’ю, цяпер невялікае… Антон, дзе ты там з фотаапаратам? Давай хутчэй… Спачатку зрабі здымак ад двара – каб быў відаць садок і нашае месца лагера… рабяты, пачынайце ставіць палатку… Ой, дзеці, вы б адышліся куды, у кадр трапіце, а такі ракурс добры, – апошнія яе словы былі сказаны да вясковых.
Яе націск быў неверагодны – міжволі ўзнікала жаданне падпарадкавацца ёй, быць кіруемым. Віцька, Віталь і Жэнька ўмомант адышліся далей, да дзеда Васіля. А сам дзед Васіль з цікавасцю сачыў за жанчынай і яе групай, усміхаўся…
– Хлопчык, хлопчык, – жанчына з незадавальненнем на твары стала паказваць на Сяргея, робячы выразны жэст рукой: “уставай і ідзі адсюль”, –– Ты нам перашкаджаеш!
Яна сказала гэта такім тонам, быццам Сяргей нечым страшэнна пакрыўдзіў жанчыну.
А ён не крануўся з месца. Толькі ўсміхнуўся, а потым твар яго зноў стаў сур’ёзным і нават злым. Але нічога жанчыне ён адказваць не стаў, павярнуўся да групы, дзе ўжо сталі распакоўваць рукзакі, і закрычаў:
– Гэй, гэта ваш лужок? Вы там траву сеялі, каб яе таптаць? Гэта трава, якую на сена касіць будзем, а не выган! А табе, белабрысы, дазвалялі яблыкі браць? Ці гэта твае? А ты з фотаапаратам, азірайся, калі задам адходзіш – там града з дзедавым тытунём, а не асфальтавая дарожка…
Усе спыніліся. Быццам нехта раз – і выключыў рух.
Жанчына проста аслупянела.
– Ты … ты хто такі?
Але праз імгненне яна зноў ажыла:
– Ну нам жа Васіль Яўменавіч дазволіў! Ты што да нас так варожа? Нам сябраваць трэба, мы ўсе разам будзем рабіць адну вялікую справу. Таня! Ага, ты тут з дыктафонам, пайшлі… Уключыла? Так, запісвай… Васіль Яўменавіч, сёння да вас завітаў рэгіянальны атрад “Пошук” пры раённым камітэце саюза моладзі. Наша з вамі агульная задача – не даць знікнуць у небыцці ні аднаму факту гераічнага мінулага нашага народа. Скажыце, як вы адносіцеся да рашэння аб перазахаванні астанкаў вашых былых сяброў-партызан?
Хударлявая, невысокая дзяўчына (Таня, як называла яе жанчына) падсунула пад самы твар дзеда мікрафон.
Дзед Васіль ледзь-ледзь усміхнуўся ў свае вусы:
– Раскажыце нам, калі ласка, аб сваім гераічным мінулым…. Стоп, Таня, выключы… Антон, здымкі! Зайдзі з таго боку, каб хаты не было відаць, бо яна старая… Таня, уключай… Васіль Яўменавіч, раскажыце, калі ласка…
І асеклася, пабачыўшы, як дзед Васіль рукой прыкрыў мікрафон, пакруціў у скрусе галавой.
– Ты пачакай, дачушка… Мы тут людзі вясковыя, нетаропкія, прывыклі не спяшаючыся ўсё рабіць… Вось пакуру, а вы нам раскажыце аб усім. Ды і назавіцеся, а то не ведаю, як звяртацца да вас…
– Ой, а я і не назвалася, – штучна рагатнула жанчына. – Лідзія Камуліна, камандзір вышуковага атрада.
– Вышуковага, значыць… Добра. І многа вы чаго ўжо знайшлі?
– Ну, вы ўлічыце той момант, што наш атрад – малады, ён толькі сфарміраваўся. І магіла вашых былых сяброў-партызан, якую мы думаем адшукаць, будзе нашым першым важкім укладам у справу увекавечання…
– Чакай, Лідзія Камуліна, – прыпыніў дзед жанчыну. – Як гэта вы думаеце шукаць?
Жанчына на імгненне разгубілася, з дакорам азірнулася да Жэньку:
– Яўгенія, табе хіба не тэлефанавалі з камітэта?
– Не, – паціснула плячыма Жэнька. – Можа, і тэлефанавалі, але я тут была.
– А, ну тады ўсё зразумела… – жанчына зноў стала упэўненай і энергічнай. – Значыць, райкам вырашыў, што арганізацыя пошукаў будзе праходзіць наступным чынам: атрад пярвічнай школьнай арганізацыі уліваецца ў наш атрад…
– Плыт усіх не возьме… – разгублена падаў голас Віталь.
– Мы гэта прадумалі, нічога страшнага, шлях не вялікі, на патрэбнае месца пераправімся за два разы… Такім чынам, вы, – жанчына хутка акінула вокам Віцьку, Віталю і Жэньку, – становіцеся членамі нашага атрада “Пошук”. Праўда, у нас няма для вас касцюмаў, але мы захапілі нашыўкі-эмблемы, так што вам трэба будзе дома знайсці нешта падобнае на нашы касцюмы, каб на фотаздымках усе былі з эмблемамі.
– А ў нас ваш камітэт пытаў? А калі хто не член саюза моладзі? – з падтэкстам спытаў Віцька.
– Ну, ён можа нам дапамагаць сабраць плыт, паднесці рэчы, мы можам назваць яго ў сваёй справаздачы…
– Але на плыт вы яго не возьмеце? – дапытваўся ўжо з’едліва Віцька.
– Ну, зразумела, што не, – пераканана адказала жанчына. – Ты зразумей, гэта справа – не простая, гэта палітычная…
Віцька быццам не чуў жанчыну, павярнуўся да Сяргея:
Источник